Далейшае развіццё падзей складна прадказаць. Гучаць меркаванні, што будзе альбо ўнутраная перастаноўка эліт, альбо сілавы пераварот з яшчэ больш жорсткай і мілітарысцкай палітыкай. Тэарэтычнае ўмяшальніцтва ЗША да дэмакратыі таксама не прывядзе, мяркуе эксперт.
Выданне Bloomberg напісала нядаўна, што цяперашнія іранскія пратэсты могуць перарасці ў сур'ёзны крызіс для рэжыму аяталы Алі Хаменеі. Reuters паведамляе, што за два тыдні пратэстаў загінула сама меней 544 чалавекі, з якіх 48 – супрацоўнікі сілаў бяспекі. Больш за 10 тысяч пратэстантаў арыштаваныя. Пры канцы мінулага тыдня Іранскія ўлады ўпершыню адключылі Інтэрнэт. Гэта першы масавы выпадак блакіроўкі спадарожнікавай сувязі ў краіне, а не толькі мабільнай і правадной. Таму больш дакладная ацэнка сітуацыі ў Іране цяпер ускладнена.
На выходных з заклікам да іранцаў выступіў сын былога шаха Ірана Рэза Пахлаві, які аб'явіў аб пачатку «новага этапу нацыянальнага паўстання» з мэтай звяржэння рэжыму.
Bloomberg зазначае, што кіроўны рэжым моцна аслаблены з-за эканамічнай стагнацыі ды высокай інфляцыі і смела прагназуе, што Ісламская Рэспубліка ў цяперашнім выглядзе наўрад ці дажыве да канца 2026 года. Выданне лічыць, што ў Іране адбудзецца альбо ўнутраная перастаноўка эліт, альбо сілавы пераварот з яшчэ больш жорсткай палітыкай. Іраніст палітолаг з Універсітэту Рэгінсбурга Сяргей Богдан зазначае, што Іране рэжым хутка не зменіцца.
— У Іране зусім іншага кшталту дзяржаўны лад, і на іншым узроўні сілавыя структуры. Проста так без маштабнай вайсковай аперацыі рэжым там не зменіцца. Іран – не Беларусь, не Расія, там ёсць выбары, ёсць палітычная сістэма, а не рэжым, дзе кіруе невялікая група і больш ніхто ў яго не інтэграваны. Галоўная праблема з іранскім рэжымам, што ён не ліберальны, абмяжоўвае правы і свабоды, але за тутэйшым рэжым стаіць шмат людзей, больш чым у Сірыі ці Венесуэле.
Эксперт перакананы, што дэмакратычных змен у Іране чакаць не варта, затое магчыма радыкалізацыя пратэстаў, дэстабілізацыя сітуацыі і нават грамадзянская вайна як у Сірыі.
— Ніяніх дэмакратычных змен не адбудзецца. Бачна, што за мяжой лічаць, што ўся іранская дэмакратычная апазіцыя нічога не вартая. Таму вырашылі гуляць у радыкалізм, каб урэшце знесці рэжым, а што будзе пасля – не надта істотна.
У сына шаха ды апазіцыю ў выгнанні эксперт не верыць. Радыкалізацыя пратэстаў адбываецца за кошт актывізацыі рэгіянальных нацыяналістычных колаў мяркуе адмысловец.
— Колькі я вучыўся, працаваў і наведваў Іран, ніколі сын шаха не ўспрымаўся як сур'ёзная фігура. Нават апошнія хваляванні, якія я назіраў, пры канцы снежня, нічога не было пра шаха. Я чуў, што людзі не задаволеныя існуючай дзяржаўнай уладай і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Таксама гучалі дэмакратычныя патрабаванні. Няма падстаў, каб казаць, што незадаволеная частка іранскага насельніцтва, хоча такую альтэрнатыву.
Учора Дональд Трамп заявіў, што ЗША разглядаюць «вельмі моцныя» варыянты дзеянняў у дачыненні да Ірана, у тым ліку з выкарыстаннем войска.
— Мы ўдарым па іх з сілай, якой яны ніколі раней не адчувалі. Яны нават не павераць. У мяне ёсць неверагодна магутныя варыянты.
Канчатковае рашэнне будзе прынятае 13 студзеня. Што можа зрабіць Трамп? Выкрасці Хаменеі як Мадуру?
— У выпадку Трампа, яму, відаць, давялі магчымасць таго, што можа быць варыянт змены ўлады ў Іране, на замену ёсць гатовы кандыдат. На маю думку, ЗША зацікаўлены не столькі ў змене ўлады ў Іране, колькі ў тым, што дэстабілізацыя Ірану дазволіць гарантавана скончыць іранскую ядзерную праграму.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч